МО́ЛАДАЎСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1905—08 (праект віленскага арх. Т.Раствароўскага) пры гал. уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшыя за асн. аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з 3 бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарыз. рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірляндаў і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы аконных праёмаў (мелі каляровыя вітражы) аздоблены ляпным расл. арнаментам.

А.М.Кулагін.

Моладаўская капліца.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)